МАНАСТЫ́РСКІЯ ШКО́ЛЫ,

навучальныя ўстановы пры манастырах. Вядомы з сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. ў Індыі пры будыйскіх манастырах. Пасля пашырэння хрысціянства распаўсюдзіліся на Б. Усходзе і ў Зах. Еўропе пры мужчынскіх манастырах. Падзяляліся на 3 тыпы: для падрыхтоўкі белага духавенства, для будучых манахаў, для навучання грамаце свецкіх юнакоў. У стараж.-рус. княствах манахі выкладалі ў М.ш. дзецям заможных гараджан асновы пісьма і чытання. У 11 ст. М.ш. адкрыты пры епіскапскіх кафедрах у Ноўгарадзе, Полацку, Тураве і інш. У 12 ст. яны ўзніклі і пры некат. жаночых манастырах, у т. л. ў Полацку. У ВКЛ вял. кн. Ягайла ў 1387 заснаваў М.ш. пры кляштары ў Вільні. Іх колькасць значна павялічылася ў 16 ст. Яны існавалі пры правасл. манастырах у Брэсце, Вільні і інш. У 1522 М.ш. адкрыты ў мяст. Гайна Барысаўскага пав., у 1545 — у мяст. Мядзведзічы Слуцкага пав. З 17 ст. пач. школы працавалі пры уніяцкіх манастырах у Беразвеччы, Мазалаве, Мсціславе. Вядучае месца сярод М.ш. Рэчы Паспалітай займалі школы і калегіумы ордэнаў езуітаў і піяраў, якія ў 1740 мелі адпаведна 67 і 27 навуч. устаноў. Пасля скасавання ў 1773 ордэна езуітаў адбылося агульнае скарачэнне М.ш., былыя пазіцыі захавалі толькі піяры. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі мясц. ўлады пачалі перабудову свецкай сістэмы адукацыі, створанай Адукацыйнай камісіяй. У 1797 12 свецкіх вучылішчаў перададзены каталіцкім манаскім ордэнам і базыльянам. У 1824 з 47 павятовых вучылішчаў Віленскай навуч. акругі 37 належалі манахам. Пасля паўстання 1830—31 рас. ўрад пачаў ліквідацыю М.ш. у зах. губернях. У 1832—35 яны зачынены ці пераўтвораны ў свецкія гімназіі, павятовыя вучылішчы для дваран і мяшчан, семінарыі, ніжэйшыя духоўныя вучылішчы і царк.-прыходскія школы.

А.Ф.Самусік.

т. 10, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)